Беларуская Служба

У Беларусі рэкордна выраслі аб'ёмы і кошты ўвезеных спажывецкіх тавараў

29.06.2023 14:19
Гэта тлумачыцца легалізацыяй паралельнага імпарту і эфектам нізкай базы першага квартала мінулага года.
Ілюстрацыйны здымакObraz Marcin z Pixabay/CC0

У першым квартале 2023 года кошт закупак імпартных спажывецкіх тавараў вырас на 64,9% адносна аналагічнага перыяду ў 2022 годзе. Гэта рэкордны рост як мінімум за апошнія 10 гадоў, высветліў БРЦ, вывучыўшы справаздачы Нацбанка.

Тэндэнцыя намецілася ў пачатку года - ужо ў студзені паказчык склаў 53,6%. Расце і фізічны аб'ём імпарту: у студзені на 28,3% да аналагічнага перыяду мінулага года, а да сакавіка - на траціну. За тры месяцы рэкордна вырасла і доля спажывецкіх тавараў у таварным імпарце.

Збольшага такую тэндэнцыю можна растлумачыць тым, што беларускія ўлады ў пачатку студзеня 2023 года ўзаконілі паралельны імпарт - увоз замежных тавараў без дазволу праваўладальніка. Эканаміст Зміцер Крук у размове з БРЦ назваў яшчэ нескалькі прычын, у тым ліку эфект нізкай базы мінулага года і аднаўленне спажывання ў Беларусі.

«Рост фізічнага аб'ёму імпарту спажывецкіх тавараў з пачатку гэтага года адбываецца з-за аднаўлення спажывання ўнутры краіны (на фоне растучых пакуль даходаў), перанакіравання часткі гэтага імпарту ў Расію (рэакцыя на санкцыі), інтэнсіфікацыі шэрага імпарту і эфекту статыстычнай базы, бо з канца лютага мінулага года пачаўся маштабны шок і спажыванне стала скарачацца».

Крыніца: Беларускі расследвальны цэнтр